МЕНСК
гісторыя па фотаздымках
09:13 Дзе знаходзяцца «Нямігі крывавыя берагі»? | |
Тыдзень таму адбылася гадавіна знамянальнай падзеі: 945 гадоў ад бітвы на Нямізе. Аляксандр Лычаўка, tut.by | 11.03.2012, 8:21 Цяпер пра бітву, што адбылася 3 сакавіка 1067 года, менчукі памятаюць толькі па назве вуліцы Няміга і аднайменнай станцыі метро. Ды яшчэ чулі, што рэчка цячэ дзесьці пад зямлёй па трубах. Ці лёгка знайсці эпахальную рэчку? Спачатку згадаем, што сказаў аўтар «Слова пра паход Ігаравы» пра бітву на Нямізе. «На Немизѣ снопы стелютъ головами, молотятъ чепи харалужными, на тоцѣ животъ кладутъ, вѣютъ душу отъ тѣла. Немизѣ кровави брезѣ не бологомъ бяхуть посѣяни, посѣяни костьми рускихъ сыновъ». А што кажа сучасная энцыклапедыя пра Нямігі крывавыя берагі? Тоўсты фаліянт «Блакiтны скарб Беларусi» выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя». На старонцы 312 чытаем «Даўжыня каля 5 км. У канцы ХІХ — сярэдзiне ХХ ст. заключана ў падземны калектар. Пачынаецца на ПдЗ горада, працякае пад зямлёй у раёне ўсходняй часткi праспекта Жукава, вулiц Чыгуначная, Грушаўская, Разiнская, Рамiзнiцкая, праспекта Дзяржынскага, з паўднёвага боку Тэатра музкамедыi, пад вулiцамi Мяснiкова, Нямiга, упадае ў Сьвiслач насупраць Траецкага прадмесця». На момант выхаду кнігі — 2007 год — частка гэтай інфармацыі не адпавядала рэчаіснасці больш за паўтара дзясятка гадоў. Што ж, паспрабуем знайсці Нямігу самастойна. Выданьне 1886 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich кажа: «Няміга, невялікая рака ў Менскім раёне, цячэ з паўднёвага захаду Менска, з раёна Мядзвежына ў кірунку паўночнага ўсходу, каля Менску паварочвае на ўсход і, прайшоўшы паміж пагоркамі, упадае ў раку Сьвіслач». Варта адзначыць, што ў той час прынамсі 11 аб’ектаў насілі імя Мядзвежына, і размешчаныя яны былі ад сучаснай вуліцы Якубоўскага на захадзе да вул. Купрыянава на ўсходзе, ад вул. Матусевіча на поўначы да вул. Грушаўскай на поўдні. А сам Менск тады быў настолькі маленькім, што добрую палову гэтых Мядзвежынаў можна лічыць тымі, што знаходзяцца на паўднёвы захад ад горада. Словам, дакладных дадзеных пра тое, дзе рэчка пачынала свой бег, няма. Ёсць звесткі, што выток ракі быў недзе ва ўрочышчы Добрыя Мысьлі, у раёне сучаснай вуліцы Вірскай ці нават крыху далей — на месцы Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, дзе яшчэ гадоў сто таму было балота. На плане-рэканструкцыі губернскага горада Менска па стане на 1898 год выток ракі паказаны там, дзе некалі быў Веласіпедны завулак, — цяпер гэта безназоўны праезд каля аўтастаянкі за домам № 10 па вул. Чкалава. Адшукаць якія-небудзь сляды ракі на гэтым месцы немагчыма. Прасочым далейшае цячэньне ракі па карце. Прайшоўшы пад палатном Маскоўска-Брэсцкай чыгункі і пад злучальнай чыгуначнай галінкай, рака перасякала вуліцу Іосіфскую (у 1922 годзе яе перайменавалі ў Разінскую), далей рабіла невялікі крук налева, праз непадпісаны на карце завулак — цяпер гэта Разінскі завулак, які дажывае апошнія дні. Затым рака перасякала вуліцу Грушаўскую, Шэўскі завулак (цяпер гэта 1-ы Возніцкі завулак), вуліцу Возніцкую і далей па тэрыторыях цяперашніх складоў і вытворчых памяшканьняў цякла да сучаснай вуліцы Мяснікова. Рака прыносіла нямала нязручнасьцяў гараджанам сваімі пастаяннымі разлівамі. Нават нягледзячы на тое, што па вуліцы Нямігскай над ракой праклалі дашчаныя насьцілы, паводкі і патопы працягваліся. Таму прыкладна ў 1924–1927 гадах раку ў яе ніжнім цячэнні заключылі ў бетонны калектар. На нямецкай мапе 1942-га бачна, што Няміга зьлёгку зьмяніла сваё цячэньне. Пачатак ракі пазначаны ў раёне сутыку Алеманенштрасэ (сучасная Разінская) і чыгункі, і рака ідзе крыху на ўсход Штаўтэргасэ (цяпер — Разінскі завулак), перасякае Брэстэрштрасэ (Грушаўскую) і прамым кутом паварочвае на паўночны ўсход, да Возьніцкай вуліцы і завулкаў. Гэта значыць, цяпер Няміга ўжо не перасякае Разінскі завулак, а ідзе амаль паралельна яму. Ёсць падставы меркаваць, што гэта немцы выпрасталі рэчку, пракапаўшы для яе канал ззаду вуліцы. Адзначаныя чорным колерам будынкі на мапе — гэта комплекс заходніх казармаў, і, імаверна, бравыя ваякі такім чынам зрабілі ля сваіх жытлаў натуральную мяжу ў выглядзе ракі. Да гэтага часу на мясцовасьці можна знайсьці прывідныя намёкі на былое рэчышча Нямігі. Цікава, што на месцы П-падобнага будынка на рагу Брэстэрштрасэ і Штаўтэргасэ цяпер стаіць такой самай формы дом № 11, фасады якога выходзяць на Грушаўскую (па ёй дом і прапісаны) і завулкі Разінскі і Фабрыцыуса. Каля сьцяны, што стаіць уздоўж Разінскага завулка, летам на траве і асфальтавай сьцяжынцы можна заўважыць невялікую лагчынку і ямкі, у якіх пасьля дажджу застойваецца вада. Гэта ўсё, што засталося ад рэчышча Нямігі ў яе верхнім цячэньні. Нягледзячы на тое, што на нямецкай мапе ад Нямігі застаўся толькі невялікі кавалачак, на самай справе рака распасціралася значна далей у абодва бакі. На нямецкім жа фотаздымку, зробленым пасьля вызваленьня Менску, у канцы ліпеня 1944-га, відаць, што паўднёвы канец ракі (верхняе цячэньне) распасціраўся да цяперашняга будынка кіраваньня вагонарамонтнага завода імя Мясьнікова (вул. Чыгуначная, 5), а ў ніжнім цячэньні рака цякла па паверхні да цяперашняга Сяндайскага ськвера. У 1955 годзе Нямігу ў верхнім цячэньні таксама замуравалі ў трубу. Рэчка канчаткова зьнікла з паверхні. Зрэшты, ведаючы, дзе і як яна працякала, мы змаглі знайсьці патрэбны люк і праз яго пракрасьціся на Нямігу. Месца сярод менскіх дыгераў вядомае, мы і самі тут ня раз бывалі ўжо. Абулі высокія рыбацкія боты, пальчаткі і тоўстую вязаную шапку (каб галавой не стукнуцца), агледзеліся па баках і нырнулі ў люк. Раней проста тут, ля ўваходу, быў журнал, у якім адзначаліся наведнікі: хто, калі, у якім напрамку ідзе. Цяпер яго няма — відаць, нехта сцягнуў на памяць. Адразу ж пасьля спуску пад зямлю ісьці даводзіцца па трубе дыяметрам паўтара метра, так што трэба моцна прыгінацца. Але потым трубы пашыраюцца, ісьці можна ў поўны рост. Вады трохі — па лытку ці крыху вышэй. Але варта на паверхні прайсьці дажджу, як паток за лічаныя хвіліны падымаецца да пояса: вада праз краткі на дарозе зьліваецца якраз сюды, у Нямігу. А калі лівень добры, то Няміга зноў, як і сто гадоў таму, выходзіць з берагоў, — вы самі маглі назіраць патопы пазамінулым летам. Так што ў непагодлівыя дні савацца сюды небяспечна, а перад паходам лепш старанна вывучыць прагноз надвор’я. Тым часам трапляем у так званы Сталактытавы пакой: шмат гадоў са столі капае вада, і з адкладаў ўтварыліся сталактыты. Калісьці з падлогі насустрач ім падымаліся сталагміты. Частка столевых перакрыцьцяў зроблена з даўно выцвілых дошак, прыступкі і калодзежны стаяк пакрыліся тоўстым налётам — вельмі падобна да сапраўдных пячораў. Неўзабаве ў асноўны калектар справа ўліваецца труба метровага дыяметру. Здавалася б, звычайная труба, тут такіх адгалінаваньняў дзясяткі. Але нельга адмовіць сабе ў задавальненні злазіць туды, таму што праз некалькі дзясяткаў метраў нас чакае нешта дзіўнае. Круглая труба, па якой і без таго няпроста паўзьці (такія вузкія лазы называюць ракаходамі), неўзабаве робіцца авальнай: пад цяжарам зямлі зьверху яна трэснула і трохі сплюснулася. Але жалезная арматура пакуль яшчэ трывала ўтрымлівае цюбінг ад канчатковага раздушваньня, і мы паўзем наперад. На стыках труб дажджы вымылі бэтон, і можна разгледзець з вонкавага боку калектара чорную зямлю, цэглу і іншае сьмецьце. Калі калі-небудзь на паверхні раптам утворыцца правал — ня варта гэтаму дзівіцца. Праходзім яшчэ пару дзясяткаў метраў — і неўзабаве апынаемся ледзь не ў падвалах сярэднявечнага замка: сьцены з бутавага каменьня, перакрыцьце з чырвонай цэглы. Гэта — так званая старая дрэнажка, частка ліўневай сістэмы Менску пабудовы канца ХІХ стагоддзя. У такім выглядзе яна цягнулася да самай Нямігі, але калі ў шасцідзясятых гадах будавалі прадзільную фабрыку, моцныя камяні і цэглу замянілі на несамавітую і нетрывалую бэтонную трубу, якая, як мы бачылі, даўно парэпалася. Гэтая старая дрэнажная сістэма цягнецца ў бок чыгуначнага вакзала, але недзе ў раёне вуліцы Мясьнікова перагароджаная цаглянай сьцяной. На столі — ліўневая рашотка, даўно ўжо закатаная пад бэтон і, імаверна, прыхаваная пад пластом зямлі. Быць можа, калі пераносілі трамвайнае кальцо, замуравалі люк. А можа, і раней. Вяртаемся ў асноўнае рэчышча Нямігі і працягваем дарогу. Тут таксама хапае цікавага. Вось на палову калектара асеў нейкі цагляны падмурак, — даводзіцца моцна згінацца, каб пад ім прайсьці. Вось так званы «калодзеж, які паехаў»: калісьці ён быў строга вертыкальным, складзеным з цэглы, але з часам парода зрушылася, націснула на стаяк — і цяпер ужо з гэтага люка не вылезеш. А вось ня менш пацешны люк: калодзеж роўны, прыступкі ёсць, але вылезці — ніяк, таму што пад самым вечкам прамым кутом выгінаюцца 2 нейкія трубы. Праходзім яшчэ трохі і падымаем адзін вядомы нам люк. Праз шчыліну бачым вядомую ў горадзе ўстанову. А вось і стары калектар дваццатых гадоў, ня круглы, а ў выглядзе аркі. Па баках цягнуцца борцікі-прыступкі з вечкамі на даўно праржавелых умацаваньнях. У энцыклапедычным даведніку «Мінск» за 1983 год пра гэта сказана: «Да 1930 пабудаваны калектар для пропуску вод р. Няміга ў якім прадугледжаныя банкеткі для размяшчэньня гаспадарча-фекальнага калектара». Гэтая аркавая галярэя цягнецца на 200 метраў, а потым, пасьля S-падобнага павароту ўліваецца ў дзве вялікія трубы. Вось тут і хаваецца выкрыццё падману, які мы працытавалі ў пачатку артыкула: Няміга ўпадае зусім не ў Сьвіслач насупраць Траецкага перадмесьця, а ўліваецца ў Цэнтральны калектар, які, у сваю чаргу, упадае ў Сьвіслач за стадыёнам «Дынама», у раёне вуліцы Беларускай. А квадратныя трубы пад набярэжнай, якія можна бачыць з Траецкага, — цяпер ужо проста трубы дрэнажнай сістэмы. Сапраўды, калісьці Няміга ўпадала ў раку менавіта тут, але падчас пабудовы другой лініі метро (а яна адкрылася ў 1990 годзе) падземную рэчку вывернулі і перанакіравалі ў калектар «Цэнтр», а вызваленыя трубы пачалі выкарыстоўваць для адводу вады, што адпампоўваецца са станцыі метро «Няміга». Пяць з паловай дзесяцігоддзяў Няміга цалкам цячэ пад зямлёй. Некаторыя гараджане памятаюць, як яна несла свае воды па паверхні. І зусім ужо нямногія могуць прыгадаць, як былі сведкамі вялікіх паводак дваццатых гадоў. Няміга, берагі якой калісьці былі засеяныя касцямі рускіх сыноў, чакае ўвасабленьня сьмелага праекта: пры рэканструкцыі менскага замчышча на адным з участкаў раку хочуць зноў вывесці на зямлю. Старонка, прысьвечаная рацэ Нямізе на нашым сайце ТУТ. | |
|
Падзяліцца:
Усяго каментароў: 0 | |