МЕНСК
гісторыя па фотаздымках
Галоўная » 2012 Жнівень 20 » Вядомаму сайту пра гісторыю Менска забаранілі выкарыстоўваць герб горада
Падзяліцца:
09:08 Вядомаму сайту пра гісторыю Менска забаранілі выкарыстоўваць герб горада | |||||
Уладзімір Валожынскі: "Матывавалася іх адмова тым, што сайт мае неадназначную трактоўку па некаторых пытаньнях. То бок, ёсьць спрэчныя моманты. І ў сувязі з гэтым Мінгарвыканкам ня згодны на выкарыстаньне герба горада. У будучыні, пасьля выпраўленьня нейкіх там матэрыялаў (але незразумела, у якім кірунку іх трэба выпраўляць), да гэтага пытаньня, напісалі, можна будзе вярнуцца яшчэ раз”. Адмову падпісаў намесьнік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка. Як высьветліла "Эўрарадыё", ліст з адмовай складалі ва ўпраўленьні ідэалогіі. Але там - як вады ў рот набралі: "Ня маем права каментаваць”. Доўгія пошукі выводзяць на аднаго з чыноўнікаў гарвыканкама, які ня мае непасрэднага дачыненьня да сітуацыі, але ведае яе сутнасьць. Чыноўнік Мінгарвыканкама: "Тут звычайная сітуацыя, што чалавек размясьціў герб без дазволу. Заканадаўствам патрабуецца, каб ён звярнуўся да гарвыканкама, - і тады яму адпраўляецца ня проста ліст, як ён думае, а прымаецца рашэньне гарвыканкама аб дазволе на выкарыстаньне”.
Што ж ня так на гэтым сайце, чым ён разгневаў чыноўнікаў? Напачатку нам пералічваюць нейкія другасныя прычыны. Калі сайт па гісторыі горада, якая там павінна быць сучасная даведачная інфармацыя? На думку чыноўнікаў - тэлефоны бальніц і паліклінік. Але слова за слова - і, здаецца, мы намацваем сапраўдную прычыну адмовы ў выкарыстаньні герба. Чыноўнік Мінгарвыканкама: "Там ёсць пэўныя гістарычныя тэмы… Гэта трэба ва ўпраўленьне культуры звяртацца, але яны каментаваць, канешне, ня будуць. Гэта тэмы, перш за ўсё, па гісторыі нямецкай акупацыі. Тут складана да гэтага адназначна падыйсьці”. На пытанне, чаму пры такой пільнасьці ў выкарыстаньні герба магніцікі і сьцяжкі з яго выявай прадаюцца ў кожным газэтным шапіку, чыноўнік адказвае: "Адпаведныя фірмы атрымліваюць адпаведны дазвол на права выкарыстаньня адпаведнай сымболікі”. Сайт "Мінск стары і новы” лічыцца ці ня самым аўтарытэтным сайтам па гісторыі горада. Таму аўтару Ўладзіміру Валожынскаму ў гэтай сітуацыі дужа крыўдна. Уладзімір Валожынскі: "У нейкай ступені ёсьць такое. Бо за 9 гадоў працы над сайтам была ўкладзеная маса маіх сіл, намаганьняў - роўна як і тых людзей, якія мне дапамагалі. Ёсьць нейкая, можна лічыць, крыўда…” Калі герб зьнік, карыстальнікі сталі пісаць усхваляваныя лісты і прапаноўваць выхады з сітуацыі. Уладзімір Валожынскі: "Пісалі па электроннай пошце і на "Фэйсбуку", што яны здзіўленыя, чаму знікла з шапкі сайта выява герба горада. Некаторыя раілі, што можна пазбегнуць пытаньняў, калі зрабіць старую выяву герба: і герб будзе, і дазвол гарвыканкама ня трэба. Можа, з часам так і зраблю. А пакуль што я пакінуў васілёк, які ў пэўнай ступені сымбалізуе Беларусь”.
А што рабіць са "спрэчнымі” тэмамі кшталту нямецкай акупацыі? Валожынскі кажа, што нічога прыбіраць з сайта, каб дагадзіць выканкаму, ня будзе. Нагадаем, сайт "Мінск стары і новы” працуе ўжо 9 гадоў, за гэты час пасьпеў здабыць некалькі ўзнагарод, напрыклад, у 2008 годзе атрымаў Гран-пры Шостага конкурса беларускіх кантэнт-праектаў. | |||||
|
Падзяліцца:
Усяго каментароў: 0 | |