МЕНСК
гісторыя па фотаздымках
Менск
Галоўная » Артыкулы » Праспекты » Незалежнасьці |
Праспект Незалежнасьці. Дом №150. Будынак архітэктурнага факультэта Беларускага Нацыянальнага Тэхналягічнага Універсітэта (БНТУ). Архітэктар і аўтар праекта Ігар Есьман. На месцы вёскі Азярышча ў 1970-я гады была выдзелена вялікая тэрыторыя пад забудову. Пабудаваць на гэтым месцы заплянавалі студэнскі гарадок Беларускага палітэхнічнага інстытута (БПІ, цяпер БНТУ). Па задумках архітэктараў на 96 гектарах плянавалася пабудаваць вучэбная, жылая, спартыўная, бытавая зоны. Галоўны корпус забудовы прызначаўся для заняткаў 1-га і 2-га курсаў усіх шасьці факультэтаў БПІ. За ім плянаваліся яшчэ тры навучальных будынкі, актавая заля, бібліятэка, інтэрнаты, студэнцкі клуб, спартыўныя збудаванні (лёгкаатлетычны манеж, спартыўныя залы, адкрытыя пляцоўкі і басейны). З іх пабудаваныя былі толькі адзін навучальны корпус, тры інтэрнаты на 3.300 месцаў і вялікая сталовая, разлічаная на ўвесь комплекс. Пры праектаваньні будынка галоўнага корпуса спецыялісты падлічылі, што ў ім неабходна стварыць 10 паточных аўдыторый на 100 месцаў кожная. Звычайна іх размяшчаюць на першым ці апошнім паверхах, паколькі яны большай вышыні, шэрагі ідуць амфітэатрам. У тыпавы паверх яны не ўпісваюцца. Для пяці аўдыторый знайшлі месца ўнізе корпуса. Аўтары - архітэктары Ігар Есьман, Віктар Анікін і інжынер Валерый Левін - знайшлі незвычайнае рашэньне: размясьцілі аўдыторыі на кожным паверсе, крыху змясьціўшы іх адносна адна да другой. Фактычна кожная займае па вышыні два паверхі, але за кошт пад'ёму падлогі над адной аўдыторыяй на гэтым жа ўзроўні пачынаецца другая, фактычна размешчаная паверхам вышэй. Менавіта за кошт такой тэхналогіі будынак стаў не прастакутным, а ступеністым з аднаго боку. Нюанс быў у размяшчэньні корпуса: сонца заўсёды асвятляе яго задні фасад, а пярэдні застаецца ў цені. З-за гэтага архітэктурныя дэталі на ім не былі б бачныя, таму знойдзены цікавы сілуэт, вобраз. Быў прыняты варыянт з вышыннай востравугольнай часткай. Гэты праект і быў рэалізаваны. У будынку было заплянавана 17 ліфтаў з якіх толькі 9 пакінулі праекціроўшчыкі, астатнія замянілі 14 эскалатарамі. У навучальным будынку падобныя пад'ёмнікі з'явіліся першы і адзіны раз у Беларусі. Не ажыццявілася задумка архітэктараў размясьціць над галоўным уваходам тэматычныя скульптуры. Па суседстве з цяперашнім архітэктурным факультэтам пазьней пабудавалі 3 інтэрнаты. Іх аблічча было прыдумана ў той жа стылістыцы, што і галоўны корпус. Толькі ад першапачатковага праекта будынкі адрозьніваюцца. Для зручнасьці студэнтаў аўтар задумваў для кожнага пакоя невялікі балькончык, з якога бы расчыняўся від на лясны масіў і навакольлі. Дзяржбудэкспертыза не прапусціла такую прапанову. Па нормах толькі чвэрць жылых памяшканьняў у інтэрнатах магла мець бальконы, таму іх пакінулі на двух першых паверхах. Аднак адмовіцца цалкам ад сваёй ідэі архітэктар ня змог і прыдумаў адкрытыя тэрасы ў тарцах кожнага паверха. | |
Праглядаў: 1725
| Тэгі: |
Падзяліцца:
Усяго каментароў: 0 | |