МЕНСК
гісторыя па фотаздымках
13:01 Чортаў тузін | |
Хрыстафор Хількевіч, www.tio.by, фота аўтара Самым старым з іх з'яўляецца дом на плошчы Свабоды, 13, збудаваны ў другой палове ХVIII стагоддзя як флігель менскага палаца падканцлера ВКЛ (што раўназначна сучаснай пасады віцэ-прэм'ера) Антонія Пшаздзецкага. Першапачаткова рэнесансны будынак меў Г-абразную форму і разам з гэткім жа сіметрычна размешчаным флігелем (які не захаваўся) ўтвараў парадны двор - курдонер - перад двухпавярховай галоўнай сядзібай. У пачатку ХIХ стагоддзя тут знаходзілася гарадская паштовая служба, а з 1870-х - праваслаўнае мужчынскае духоўнае вучылішча. Пасьля рэвалюцыі палацавы флігель занялі наркамат аховы здароўя і асьветы; пры апошнім у 1922-м быў утвораны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), пазьней рэарганізаваны ў Акадэмію навук БССР. У гэтых сьценах працавалі Янка Купала і Якуб Колас, Усевалад Ігнатоўскі і Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі і Дзмітрый Жылуновіч (Цішка Гартны) і яшчэ цэлае сузор'е дзеячаў нацыянальнай культуры. Неўзабаве беларуская акадэмія разраслася і да 1939 года заняла яшчэ два будынкі непадалёк - на Рэвалюцыйнай, 13 і 15 (у 13-м доме ў пачатку мінулага стагоддзя знаходзілася прыватная хірургічная лякарня Шапіра, разлічаная ўсяго на 6 месцаў, а ў пачатку гэтага - Інфармацыйна-турысцкі цэнтр "Мінск"). У доме ж на Свабоды, 13 у гады вайны дзейнічаў нямецкі кінатэатр, дырэктарам якога па заданьні падпольля працаваў Мікалай Пахлябаеў. Гэта ён арганізаваў сустрэчу паміж Марыяй Восіпавай і Аленай Мазанік - выканаўцамі ліквідацыі гауляйтера Кубэ. Пасьля вызваленьня Менску кінатэатр ў будынку пакінулі - менавіта ў «Радзіме» менчукі ўпершыню ўбачылі такія стужкі, як «Два байцы» або каляровае фэнтэзі «Багдадскі злодзей» (яго падарыла Савецкаму Саюзу Вялікабрытанія ў знак удзячнасьці за ўклад у барацьбу з нацызмам). Крыху пазьней гэты сінематограф перапрафілявалі, даўшы новае імя - «Кінатэатр паўторнага фільма». | |
|
Падзяліцца:
Усяго каментароў: 0 | |