Як паведамляе Эўрарадыё, гісторык Захар Шыбека з'ехаў жыць у Ізраіль. | Буду працаваць на Беларусь і там, сказаў ён, сядаючы ў самалёт у менскім аэрапорце.Нагадаем, Захар Шыбека — доктар гістарычных навук, даследуе гісторыю беларускіх гарадоў (з’яўляецца адным з лепшых спецыялістаў па гісторыі Менску XIX–XX стагоддзяў), аўтар кнігі па гісторыі Беларусі. У ліпені яму споўніцца 64 гады.
Каб спраўдзіць інфармацыю, што ён з’язджае за мяжу, Эўрарадыё ў чацьвер каля 19.30 па беларускім часе патэлефанавала Захару Шыбеку. «Я ўжо стаю на пасадку на Менск — Тэль-Авіў, таму інфармацыя дакладная…, — кажа Шыбека. — Я думаю, што Беларусь мяне ня згубіць. Таму што, дзе б я ня жыў, я ўсё роўна застаюся беларусам. Пастараюся і ў Ізраілі працаваць на Беларусь, на беларускую ідэю…».
Што да матываў ад’езду на сталае месца жыхарства ў Ізраіль, то Захар Шыбека сказаў наступнае: «Матывы самыя простыя, самыя людскія. Каханне! Я еду да любімай жанчыны. Хачу аб’яднаць з ёй лёс свой. Так атрымалася, што яна выбрала Ізраіль, а я выбраў яе!»
Шыбека кажа, што будзе часова жыць у Хайфе. Але спадзяецца працаваць у архівах, бібліятэках Іерусаліма, Тэль-Авіва. Найперш ён збіраецца пачаць з вывучэння іўрыта.
|