Старыя фотаздымкі маюць нешта магічнае. Яны, як вокны ў мінулае, адкрываюць нам тое імгненне, якое было зафіксавана фатографам, чые імя наўрад ці ўжо магчыма згадаць. Глядзець на стары здымак - гэта як пераносіцца на машыне часу ў далёкую і не вельмі далёкую гісторыю, прычым гісторыю сапраўдную настолькі, наколькі дазваляе ўласная фантазія таго, хто глядзіць. Але пры ўсіх вялікіх магчымасцях для фантазій старыя фотаздымкі ўтрымліваюць значны факталагічны патэнцыял, бо яны збольшага даюць нам дакладныя і аб'ектыўныя даныя аб месцы і часе зафіксаванай рэальнасці. Цяпер цяжка ўявіць сабе вывучэнне гісторыі апошніх амаль паўтары сотні гадоў без фотаматэрыялаў. I вельмі моцна яны дапамагаюць у вывучэнні гісторыі гарадоў, бо гарадское аблічча змяняецца з пабудовай новых будынкаў альбо са змяненнямі напрамкаў дарог.
Адным з інтэрнэт-рэсурсаў, які, як віртуальны фотаальбом, змяшчае стос старых здымкаў, з'яўляецца сайт пра сталіцу Беларусі. Яго назва адразу вызначае яго тэматыку і накіраванасць: „Менск на старых фотаздымках".
Месціцца даны сайт па адрасе http://oldmensk.net. Выглядае даволі проста — дзве часткі: першая правая змяшчае выйсці на рубрыкі, а другая — тэксты. Галоўная старонка сайта адначасова з'яўляецца месцам навінных паведамленняў, якія тычацца як мінулага Мінска, так і яго цяперашніх рэалій. Прыемна бачыць, што даволі часта абнаўляюцца навіны, што ўказвае на руплівую працу стваральнікаў і натхняльнікаў партала. Больш дакладна асэнсаваць ідэю стварэння сайта „Менск на старых фотаздымках" дапамагае старонка „Замест прадмовы". | Там няма нічога, акрамя верша „Менск і Мінск", што выдатна перадае накіраванасць партала. „Мы жывем адначасова ў двух гарадах/ Падваеньне асобы зрывае нам дах./ Дык няўжо ж нам ніколі ня склеіць, ня сшыць/ Менск і Мінск — дзьве паловы сталічнай душы/... Горад Менск — першы горад з тых двух гарадоў,/ Не па-бачыш на мапах сучасных гадоў./ Ён у сэр-цы жыве, ён жыве ў галаве/ Шмат каго, хто ў горадзе Мінску жыве./ А ў тым Мінску прапіска і гарвыканкам,/ Лядовы палац і бэтонны паркан,/ Зруйнаваных дамоў цені прывідныя/ I дзяцінства майго праляцелыя дні/ ...Усё блытаецца/ У Мінску — хлеб і маца,/ I Вялікі Кастрычнік і Радаўніца/ I пьяная сьляза, і такая папса,/ Што ратунку ня дасьць ні мізім, ні упса./ Ну, а з Менскам нічога ня можна зрабіць — / Немагчыма яго зруйнаваць, захапіць,/ Ён ніколі, твой Менск, не згніе, ня згарыць,/ Будзе мовай тваёю з табой гаварыць".
Большасць астатніх рубрык сайта, натуральна, змяшчаюць фотаздымкі старога і сучаснага Мінска. Прычым, напрыклад, у рубрыцы яны падзелены на чатыры часткі - да і пасля рэвалюцыі 1917 года, да і пасля вайны 1941-1945 гадоў.
Дзве старонкі з дзіўнай назвай „Шукаем ракурсы" прызначаныя для здымкаў, што нясуць у сябе інфармацыю аб зніклых будынках і вуліцах. Гэта, як кажуць невядомыя ўладальнікі сайта, „пазнавальныя мясьціны, але ракурс якіх вызначыць цяжка".
Паколькі збіранне старых фотаздымкаў вымагае кантактаў з як мага большай колькасцю людзей, то аўтары запрашаюць да супрацоўніцтва віртуальных наведвальнікаў. Аб умовах супрацоўніцтва паведамляецца на старонцы „Супраца (як далучыцца)". Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ
|