Субота, 21.12.2024, 14:43 | Вітаю Вас Гость | Рэгістрацыя | Уваход
Галоўная » 2012 » Красавік » 27 » У Менску назву сквера прапанавалі абраць жыхарам
08:14
У Менску назву сквера прапанавалі абраць жыхарам

Безыменны сквер
, назваць які трэба будзе менчукам, размешчаны ў Менску на тэрыторыі мікрараёнаў Малінаўка і Паўднёвы-Захад. Сквер заклалі яшчэ ў першай палове 1990-х гадоў. Адміністрацыя Маскоўскага раёна прапанавала жыхарам сталіцы абмеркаваць назвы сквера. Пры гэтым назва павінна мець гістарычныя карані, адзначылі ў адміністрацыі.

Як сказала намесьніца кіраўніка адміністрацыі раёна Тацьцяна Каліціна, краязнаўцы, заснавальнікі музэя гісторыі раёна «Мой родны кут» ужо прапанавалі некалькі варыянтаў: Вярховіцкі парк, Старакурганны (Курганны) парк, Дворыцкі парк, паведамляе газета «Мінскі кур’ер».

Гэтыя назвы звязаны з гісторыяй сквера. На яго месцы ў пачатку мінулага стагоддзя быў хутар Вярховічы. У Нацыянальным атласе Беларусі на картах горада Вярховічы значацца спачатку як ваколіца, затым як урочышчы, а пазьней як хутар. Магчыма, назва звязана з тым, што тут знаходзілася вярхоўе ракі Лошыцы. На мапе 1920 года Вярховічы яшчэ ёсьць, а ў 1940-м хутара ўжо няма. Паселішча з такой назвай значыцца і ў «Алфабэтным спісе населеных месцаў Менскай губерні» 1909 года выданьня.

Побач са скверам таксама захаваліся два старажытныя курганы.

Непадалёк знаходзіцца вёска Дворышча, назва якой магла б перайсці да сквера, падобна таму, як у свой час вёска Малінаўка перадала сваю назву мікрараёну.

Свае меркаваньні і прапановы менчукі могуць даслаць у адміністрацыю Маскоўскага раёна з паметкай «Ідэя для сквера» па адрасе: 220036, г. Мінск, пр. Дзяржынскага, 10 ці пакінуць у «Гасцявой кнізе» на сайце mos.minsk.gov.by.

Паводле telegraf.by

Праглядаў: 1365 | Дадаў: DzedFyodar | Рэйтынг: 0.0/0

Падзяліцца:

Усяго каментароў: 0
Дадаваць каментары могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]