Петрапаўлаўская вуліца (Ф.Энгельса) на скрыжаваньні з Падгорнай (К.Маркса). На пярэднім пляне будынак Дваранскага сходу. Тут адбываліся тэатральныя прадстаўленьні, праходзілі выставы садаводства і кветкаводства. (В.М.Целеш - альбом "Гарады Беларусі на старых паштоўках", Менск "Беларусь" 2001) На паштоўцы (злева) бачны будынак Дваранскага дэпутацкага сходу (кут вуліц Петрапаўлаўскай і Падгорнай, 32/47), пабудаваны ў 1860-я гады. Галоўнае прызначэньне сходу заключалася ў вядзеньні родавых кніг і выдачы пасьведчаньняў аб дваранстве. У канцэртнай залі дэпутацкага сходу з 1864 года ладзіліся тэатральныя выступы, а ў 1894 годзе праходзіла выстава садоўніцтва, агародніцтва і кветкаводства. У 1920-30-я гады тут месьціўся Дом камуністычнага выхаваньня імя К.Маркса. У ім праходзілі літаратурныя вечарыны, на якіх бывалі Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гарны ды інш. У цяперашнім будынку на першым паверсе ў 1960-90-я гады месьцілася крама "Саюздрук".
|