Вуліца Мясьнікова. Дом №44. Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатар. Год перабудовы: 1981 Архітектары: А.Ткачук, В.Тарновскі ("Мінскпраект"), скульптар Леанід Зільбер. Будынак сучаснага музычнага тэатра быў іншы. Першапачаткова будынак будаваўся пад патрэбы клуба тонкасуконнага камбіната. Сучасны будынак тэатра быў пабудаваны ў 1981 годзе па праекце менскіх архітэктараў Аксаны Ткачук і Уладзіміра Тарновскага. Будынак тэатра будаваўся з выкарыстаньнем раней існаваўшага на гэтым месцы будынка. Апісаньне з энцыклапедыі "Мінск" (1983): "Горадабудаўнічае становішча будынка ў сістэме гістарычна склаўшайся забудовы вызначыла яго асіметрычную кампазіцыю з раўнацэннымі фасадамі. Пры будаўніцтве ў аб'ём тэатра ўключаны будынак былога клуба тонкасуконнага камбіната, якое пасьля рэканструкцыі выкарыстана для арганізацыі касавага і размеркавальнага вестыбюляў, фае, гардэробаў і службовых памяшканьняў. У прыбудаваным да яго новым аб'ёме размешчана амфітэатральная заля на 800 месцаў з развітой сцэнічнай групай памяшканьняў. Звернуты да плошчы Мясьнікова галоўны ўваход акцэнтаваны парадным парталам са скульптурнай групай "Музы" (скульптар Л. Зільбер). У аздабленьні інтэр'еру ужытыя светлы мармур, гіпсавыя дэкаратыўныя ўстаўкі, дэкаратыўная тынкоўка, залацістае шкло і латунь, дэкаратыўныя рэльефы на партальнай сьцяне і калонах фае (арх. А. Ткачук, скульптар Ю. Якубовіч)."
Клуб тонкасуконнага камбіната. (крыніца: http://bacian.livejournal.com)
Сам жа музычны тэатр створаны ў 1970 годзе. Да 2000 года называўся "Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Беларусі". Свой першы тэатральны сезон адкрыў 17 студзеня 1971 года спектаклем "Спявае Жаваранак" беларускага кампазітара Юрыя Семянякі.
Творчы лёс тэатра складаў няпроста. Першае дзесяцігоддзе існаваньня калектыў, не маючы свайго памяшкання, быў вымушаны вандраваць па розных сцэнічных пляцоўках горада. У 1981 годзе тэатр, нарэшце, атрымаў ўласны будынак па вуліцы Мяснікова, 44, у якім 15 кастрычніка адкрыў свой дванаццаты сезон аперэтай Іагана Штраўса "Кажан".
На сцэне Музычнага тэатра атрымалі права першай пастаноўкі творы беларускіх аўтараў: "Паўлінка", "Тыдзень вечнага каханьня", "Сцяпан - вялікі пан" Юрыя Семяняка, "Несцерка" і "Судны час" Рыгора Суруса, "Дзяніс Давыдаў" Андрэя Мдзівані, "Мільянэрша" Яўгена Глебава, "Вясновая песьня" і "Прыгоды ў замку Алфабэт" Віктара Войціка, "Джулія" і "Шклянка вады" Уладзіміра Кандрусевіча.
Значныя заслугі тэатра ў развіцьці беларускага музычнага мастацтва паслужылі падставай для змены статусу калектыву і яго перайменавання. У 2000 годзе Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Беларусі быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, у 2001 годзе яму было прысвоена ганаровае званне "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь", а ў 2009-м - статус "акадэмічны".
|